|
Апошні цягнік
1. Калі апошні цягнік знікне за небакраем,
Пакінуўшы след растаптаных надзей,
Адразу былыя вастрыя жаданні
Патонуць у змучанай чорнай вадзе.
Ты паглядзіш у далёкую шэрасць туману
І пойдзеш па восеньскай мокрай траве,
На тузін кавалкаў цяжкіх разарваны,
Куды ж, ты скажы мне, падзеліся мроі твае?
Прыпеў:
Зеленню змушаных год
Там прарастаюць ціха ля зямлі;
Рухамі свету свайго
Пааддзіраюць з думак мазалі.
2. Калі законаў жыццё блізка што не існуе,
Ці нават існуе, ды толькі не тых,
Замшэлая пушча па сонцу сумуе
У рыцвіне змучанай чорнай вады,
Ты набярэш у далоні вільготных хваінаў
Ад іх так няспынна жыццём аддае.
Пастой, памяркуй тут якую хвіліну
Куды ж, ты скажы мне, падзеліся мроі твае?
Прыпеў.
Варят
1. Я пайду ў натоўп людзей, паміж імі і не заўважыш,
Што ў думках сваіх я не заўважу іх.
Трохі маю пакуль надзей абаронай ад словаў вашых
Падтрымаюць мне існаванне дзен маіх.
Прыпеў:
Я расціснуты, радасцямі пакінуты,
Мне здаецца, дакладна так выглядае варят.
Я расціснуты, радасцямі пакінуты,
Мне здаецца, дакладна так выглядае варят.
2. Мабыць, стала крыху лягчэй я ўжо не хаваю позірк,
Усміхаюся жартам ды гляджу ў экран;
Знікла вільгаць з маіх вачэй, як знікае вада ў прыродзе,
Філасофію выціскаю з-пад пяра.
Прыпеў.
3. Адзіноту сваю ганю мне дагэтуль у ёй балюча,
Вельмі добра я зразумеў сваю бяду.
З кожным днём усё больш цаню я абрысы тых чорных лужын,
Што твой пах упіталі ў сваю ваду.
Прыпеў.
Скачаць песню ў mp3-фармаце
Вяртаюся ў свет
1. Хай далёка цяпер твае вочы і не бачыць мне іх глыбіні,
Я, нарэшце, упэўнена крочу па нязвыкла стракатай Зямлі.
Маё вогнішча аднабакова, але ў ім несупынна жыве
Цень маркотнасці невыпадковай, калі ў сэрцы тваім чалавек.
Калі ў сэрцы тваім чалавек.
Прыпеў:
Маіх думак узвышша казыча мяне,
З чалавечым абліччам гармонію маю!
Толькі ў кожнай секундзе маёй ясна мне,
Як мне моцна цябе не хапае.
2. У замкненыя тоўстыя дзверы больш не грукне адсутны імпэт.
Я наўрад ці яшчэ ў нешта веру і таму зноў вяртаюся ў свет.
Хай прымае мяне пачысцелым, без адцення ружовага шклу,
Для мяне застаецца ён белым, я яго і цябе ў ім люблю.
Я яго і цябе ў ім люблю.
Прыпеў.
3. Хай далёка цяпер твае вочы і не бачыць мне іх глыбіні,
Маё вогнішча цешыцца хоча ад таго, што ты ёсць на Зямлі.
Скачаць песню ў mp3-фармаце
Маё святло
1. Вечаровыя хмары вітаюць народ
Гэтым змрочным ад вільгаці ранкам.
Не хапае святла недахопам дарог,
Сценам, вокнам будынкаў ды ганкам.
Толькі маё святло гарыць
Невычарпальным сонцам,
Промнямі грэе ўгары
Скрозь смугу
2. Маё сонейка побач, я чую яго
Цеплыню прытуленай далонню,
З асалодай кранаю пяшчотна рукой
Лёгкай стомай кранутыя скроні
Толькі маё святло гарыць
Невычарпальным сонцам,
Промнямі грэе ўгары
Скрозь смугу
Скрозь смугу
3. Засынай, мой агеньчык, твой сон я б хацеў
Сцерагчы, як адданы сабака!
Мне так цёпла з табою, так светла ляцець
Па гадзінах, напоўненых смакам!
Побач маё святло гарыць
Невычарпальным сонцам,
Промнямі грэе ўгары
Скрозь смугу
Скрозь смугу
Нібы метэярыт
1. Пытай мяне пра тое, што бянтэжыць,
У поцемкі мінулага зірні,
Скажы недэлікатна, што не верыш,
Ды толькі, калі ласка, не гані!
Прыпеў:
Як сусветны патоп, нібы метэярыт,
Ты жыццё маё перавярнула
Я баюся з сяброўскага боку глядзець на сябе.
Нечаканым лістом у замкнёнай дзвяры
У мой знявечаны свет зазірнула
І засталася лекам, што гоіць і цешыць той свет.
2. Я шчырасцю прасякнуты тваёю,
Сваю таксама не магу схаваць
З табой застацца хочацца да болю,
Табою быць каханым і кахаць.
Прыпеў.
3. Скептычна стаўся да маёй персоны,
Сваёю таямніцай ахіні,
Зявіся незалежнасці ўзорам,
Ды толькі, калі ласка, не гані!
Прыпеў.
Падвопытны трус
1. Не хапае канкрэтнасці вершам
І сюжэтнасці ім не стае,
Не хапае размоў і сустрэчаў,
Што жывы інтарэс надае.
Разумею той хіб непапраўны,
Але з эпікай цяжка цяпер.
У наш няўрымслівы век нерахманы
Персанажы не лезуць у давер.
Прыпеў:
Буду сёння на замене. Напішу пра ўяўленні,
Напішу пра намаганні, пра істотныя ваганні.
Хай герой не вельмі кідкі, спадзяюся, і не гідкі.
І, напэўна, ужо, панове, чалавек зусім тыповы.
2. Я падвопытны трус чалавецтва,
Разглядаю сябе ў мікраскоп.
Усе адрозненні і падабенствы
На далоні ў куплетах і строфах.
І на крытыку крыўды немае,
Бо не вершы, а песні пішу,
І паэта ў мне памірае,
Калі моўчкі з гітарай сяджу.
Прыпеў.
Параза розуму
1. Ад відна да відна порах ды прах
Тут вайна, там вайна лье як з вядра
Я пайду пашукаць крышку веры,
Пачынаць, пачакаць ужо не ў меру.
2. Ад пары да пары справы ўгору,
Гаварым, гаварым як у прорву,
Я пайду пашукаць крышку веры,
Пачынаць, пачакаць ужо не ў меру.
Прыпеў:
Параза розуму на стомленай Зямлі
Паразай розум на кавалкі пасяклі
Паразу розуму жаўнеры сцерагуць
Паразай розуму я дыхаць не магу.
3. Прытрымай свой папрок за банальнасць.
Не адзіны мой зрок, натуральна.
Мы ж не бачым дарог літаральна,
Бо забойства знарок ненармальна!
Прыпеў.
Паралелі
Прамінае жыццё чым далей, тым хутчэй,
Выцякаюуь па кроплі гады,
Тыя месяцы прамільгацяць, нібы шпалы пад колам.
Рана неадпаведнасці часам пячэ,
Часам побач лятае, як дым,
То загоіцца, расфарбаваўшы ўсе выпадкова.
Маўчанне стала часцей што ведаць можаш ты
Не пераробяць людзей прайшоўшыя гады
І мэты сталі драбней, паменела тых аксіём,
Што, раней здаваліся мне, нязменнае крэда маё.
Па шчырасці можа, і не
Маўчанне стала часцей што ведаць можаш ты
Не пераробяць людзей прайшоўшыя гады
І мэты сталі драбней, паменела тых аксіём,
Што, раней здаваліся мне, нязменнае крэда маё.
Па шчырасці можа, і не
Паралелі сціскаюць Зямлю бізуном,
Паралелі трымаюць людзей
На адвечнай сцяжыне ўласнага самасцвярджэнння.
Утварае яно, разбурае яно,
Невядома, куды ўсё ідзе.
Ты стаміўся на кожным рагу прапануюць збаўленне.
Маўчанне стала часцей
Побач з табой
1. Ля разнастайных рэчаў
Штодзенна нам хадзіць
Цікава, небяспечна
У гэтым свеце жыць.
А зараз не зачэпіць,
А зараз не кране
Не надаю значэння
Цікавай навіне.
Прыпеў:
Я прашу дараваць, што, нажаль, не праняць,
Не ўразіць мяне найгарачай навінай любой.
Бо нішто кожны факт, самы дзіўны дзівак,
Усе магчымыя ў свеце сенсацыі побач з табой!
Амаль што безадказна,
Амаль што пазачасна,
Бо нішто кожны факт, самы дзіўны дзівак,
Усе магчымыя ў свеце сенсацыі побач з табой!
2. Крыніца новых ведаў
Празрыстай чысціні.
Мне іх хапае зверхам
Згубіўся ў глыбыні.
І зараз не зачэпіць,
І зараз не кране,
І не надам значэння
Цікавай навіне.
Прыпеў.
Прыпеў.
Скачаць песню ў mp3-фармаце
Прабач
1. Прабач мне змрочнасць беспадстаўную,
Маю тугу незразумелую,
Маё маўчанне невыноснае
Вось бяда
Прабач мне вершыкі нязграбныя,
Учынкі, дзеянні нясмелыя,
Мае абліччы досыць розныя
Мне шкада
Прыпеў:
Я баюся гэтак моцна страціць нас,
Што не хочу лішніх словаў,
Не шукаю іх у сэрцы;
Але напаўненне простае тых фраз
Перажыта, нечасова
І багата мае сэнсу.
2. Прабач музыку пераборлівасць,
Крытычны погляд на мастацкае
Ды надакучлівыя позіркі мне прабач
Ты не зважай на маю стомленасць
Ды на будову фраз грувасткую,
Гадоў, пакутлівых на пошукі, не заўваж
Прыпеў.
Прыпеў.
Скачаць песню ў mp3-фармаце
Прасвятленне
1. Аптымізму дзе глядзець, пазітыву наглядзецца?
Па якіх краёх блукаць, каб надзеямі сагрэцца?
Дзе пакінуць свой мінор?
Дзе спатолець прагу крэда?
А ці ўвогуле патрэбнае яно?
2. І зайздросна, і шкада існваць адной ідэяй.
Тут і шанец, і бяда
І не вызначу я, дзе я.
Мне няпэўна, дзіўна мне,
Што на ростанях стаю я.
Дзе той час, які спакоем зазірне?
Прыпеў:
Вялікая пара на тым канцы двара,
І грукае ў вакно чаканае ЯНО
3. Гэта не пра гіблы шлях, а пра велічнасць здарэння
На ўзораных палях каласіцца прасвятленне.
У ім не бачна, не чутно
Чарвяка, што еў балюча
Грукае ў вакно чаканае ЯНО
Прыпеў.
Пры дарозе карчма
1. Як надзіва ўсё рухома,
Як хістаецца твой статут!
Пры дарозе карчма,
І, хоць грошай няма,
Пацікавіцца зойдзеш.
Не працягнецца доўга стома,
Ачуняеш раптоўна тут,
Схамянешся крыху,
У пацёртым мяху
Нечаканае знойдзеш.
Прыпеў:
Нясі далей мяне, паток
Я адчуваю гэтае жыццё на смак!
Як шмат дае набыты зрок!
Як шмат губляеш ты, калі яго няма!
2. Што здавалася надта важным,
Не кранае істотна тут,
І здзіўляе як след
Нечаканы білет,
Што ты выцягнуў з меху.
Смела літарамі ў сажні
Перапісваеш свой статут,
Ды касыя дажджы
Ў адталай душы
Адгукаюцца рэхам.
Прыпеў.
Рытарычная
1. Як балюча нам кіпіць ад несправядлівасці,
Як пакутліва не дасць паснуць імгненне выпадковае.
Як дасціпна часам кпіць без усякай літасці,
Парушаючы усё звыклае, звычайнае і роўнае.
Прыпеў:
Рытарычнае вакол,
Паўстае з усіх бакоў,
Прымушае паслядоўна шкадаваць.
Віншаванні слушныя
У тым, што маю права я
Рытарычныя пытанні задаваць.
2. Ці вяртаецца дабро? Ці патрэбнае пяро?
Чаго варты гэты свет у вартай нас недасканаласці?
Ці нахабства назаўжды? Ці пазбегнуць нам бяды?
Шанцаванне наша дзе у лёгкай смерці ці у старасці?
Прыпеў.
3. Значыць мы яшчэ жывем, долі іншае завем,
Значыць душы не здранцвелі ў канкурэнцыі бясконцае.
Значыць кроў яшчэ цячэ, значыць не канец яшчэ,
Значыць будуць вока казытаць вясною промні сонца нам.
Чакаю
1. Я чакаю, чаканнем апантаны,
Наракаю на лёс свой ненармальны.
Прыпеў:
Я стаміўся ад жыцця ад свайго
Дачакаюся хаця б хоць чаго?
Немагчыма больш стаяць на рагу,
Ды да жалю не чакаць не магу.
2. Абыякава, баюся стане ўсё,
Не падзякую жыццю я за жыццё.
Прыпеў.
Прыпеў.
Скачаць песню ў mp3-фармаце
|